Адкуль пайшло Хрысцiянства на Беларусi

Страница: 5/6

Тое самае справядліва і да полацкай епіскапскай кафедры да 1092 г. Яна павінна была існаваць ад часу будаўніцтва полацкага Сафійскага сабора (1050— 1055), а то і раней. Апрача таго, Полацкае княства спрадвеку славілася сваімі моцнымі паганскімі традыцыямі. Яны былі абумоўлены ў першую чаргу поліэтнічным складам жыхароў княства, дзе сплялася ў адну тугую ніць балцкая і славянская кроў. Менавіта паганства ў многім было падставаю для кансалідацыі рознаэтнічных зямель вакол Полацка, яно было апірышчам у XI стагоддзі князю Усяславу Чарадзею ў барацьбе за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны. Дарэчы, абедзве гэтыя з'явы — незалежнасць і паганства — на фоне хрысціянскай Еўропы мелі свой вобразны сінонім — «Белы». Ці не адсюль пайшла Белая Русь? Назва, якая, як вядома, упершыню зафіксавана ў заходнееўрапейскіх крыніцах пачатку XIV стагоддзя. У сувязі з апошнім цікава, што сучасныя гісторыкі (у прыватнасці, доктар навук, прафесар В. Сядоў) лічаць, што гаварыць аб суцэльнай хрысціянізацыі Полацкай зямлі да канца XIII — пачатку XIV стагоддзя проста не выпадае. Аб гэтым сведчыць і сучасная этнаграфія. Найбольшую колькасць паганскіх перажыткаў, этнонімаў, тапонімаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы налічваецца менавіта на Беларусі.

Вось і атрымліваецца, што першае стагоддзе «пераможнага шэсця» праваслаўнага хрысціянства па Усходняй Еўропе, на Полаччыне ішло побач з захаваннем, а ў некаторых выпадках нават з падтрымкаю паганскіх звычаяў і стварэннем самастойнай полацкай епіскапіі пры непасрэдных прамых стасунках з Канстанцінопалем. У такім выпадку толькі візантыйскі патрыярх мог даць дазвол на кананізацыю мясцовых святых. Апошнія ў любой мясцовай незалежнай царкве адыгрываюць надзвычай важную функцыю. Канстанцінопаль быў зацікаўлены ў хрысціянізацыі Полаччыны па ўсходняму абраду, Полаччына — у кананізацыі сваіх святых, а цераз іх — у сцвярджэнні сваёй незалежнасці. Вось такімі першымі беларускімі святымі і маглі паўстаць мнішка Рагнеда-Анастасія, набожны Ізяслаў і памёршы малалетнім Усяслаў (1003). Магчыма, што да іх быў далучаны і святы Торвальд. Тое, што іх імёны згубіліся ў святцах за смугою вякоў, не дзіва. 3 1104 года епіскапы, якіх рукапакладалі ў Полацк з Кіева, праводзілі палітыку выключна ў інтарэсах Кіеўскай імперскай дзяржавы. Яна была накіравана на развал Полацкай зямлі і падначаленне яе асобных частак Кіеву або Смаленску. Але гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся: магутная некалі «Імперыя Рурыкавічаў» трашчала па ўсіх швах. Тым не менш, з утварэннем Маскоўскай цэнтралізаванай дзяржавы палітыка праваслаўя на Беларусі працягвалася ў тым жа накірунку, толькі не ў бок Кіева, а ў бок Масквы. Наколькі яна была паспяховай, мы бачым нават сёння, калі ніводны праваслаўны храм на Беларусі не вядзе набажэнства на беларускай мове. Але гэта ўжо дзень сённяшні.

Папярэднічала гэтаму восем стагоддзяў існавання праваслаўя на Беларусі. Уплыў непасрэдных сувязей Візантыі з Полаччынай найбольш яскрава назіраўся ў XII стагоддзі. Яны былі настолькі трывалыя, што нават права Кіева пакладаць у Полацк сваіх епіскапаў не магло іх парушыць. Сведчаннем таго можа быць уся гісторыя мастацтва і культуры Полацка XII стагоддзя. Прыгадайма: сярод шматлікіх храмаў, якія ўжо існуюць у Полацку, на той час у Бельчыцкім манастыры быў так званы «храм-трыконх», адзіны аналаг якога ва ўсходніх, блізкіх да Полацкага княства, землях Смаленшчыны. Затое непадалёку ад Візантыі — у Сербіі і Харватыі — падобных храмаў безліч. Дойлід, будаўнік гэтага храма, мог быць выхадцам толькі з тых зямель. Хто ведае, ці не адыграла ролю тое, што адна дачка Рагнеды-Анастасіі была замужам за чэшскім князем Баляславам III Рудым, а другая — за прынцам угорскім Леслам Сарам Лысым. Толькі дойлід той знік гэтак жа нечакана, як і з'явіўся. Прыблізна ў гэты ж час у Полацку з'яўляецца другі дойлід — Іаан, які будуе для Ефрасінні Полацкай храм Спаса Праабражэння. Менавіта яму належыць аўтарства крыжова-купальнага храма з высока ўзнятым барабанам, якіх дагэтуль не будавалі ў землях Кіеўскай Русі. Менавіта тут упершыню з'явіліся ў архітэктуры «какошнікі», якія сталі сімвалам усходне-славянскай архітэктуры. Адкуль раптам мог з'явіцца такі майстар, нябачнай раней праваслаўнай архітэктуры? Адкуль у фрэсках таго ж храма візантыйская суровасць лікаў, сцятасць вуснаў? Для Спаскага храма майстар Лазар Богша ў 1161 г. робіць узвіжанскі шасціканцовы крыж, аздоблены перагародчатымі эмалямі. Адкуль узялася такая незвычайная форма крыжа, калі на тэрыторыі Усходняй Еўропы яна дагэтуль нідзе не сустракалася? Можа, зноў-такі з Візантыі, дзе была мода на падобныя крыжы? I, нарэшце, сама Ефрасіння Полацкая, атрымаўшы каштоўныя падарункі ад імператара Мануіла Камніна і патрыярха Лукі Хрызаверга (у прыватнасці, кнігі і абраз Божай Маці, напісаны самім евангелістам Лукою), выправілася ў святое паломніцтва ў Палесціну цераз Канстанцінопаль, дзе сустрэлі яе з пашанаю. Яскравым доказам таго, што ў Візантыі памяталі аб першых полацкіх святых, стала кананізацыя самой Ефрасінні. Полацкая ігумення памерла ў Ерусаліме ў 1173 годзе і спачатку была там і пахаваная. У хуткім часе, напрыканцы таго ж XII стагоддзя, у яе гонар былі складзены Трапар і Сціхіра. Канцом XII — пачаткам XIII стагоддзя, як лічаць даследчыкі, датуецца напісанне першага жыція Ефрасінні Полацкай. А гэта магло быць толькі з нагоды яе далучэння да сонму святых. Нагадаем, што кіеўская княгіня Вольга, хоць і шанавалася з XI стагоддзя, была кананізавана толькі ў XIII.

Реферат опубликован: 19/04/2008